>Белорусский Конгресс Демократических Профсоюзов (БКДП)
Ассоциация профсоюзов
БЕЛОРУССКИЙ КОНГРЕСС
ДЕМОКРАТИЧЕСКИХ ПРОФСОЮЗОВ


>Белорусский Конгресс Демократических Профсоюзов (БКДП)
Белорусский независимый профсоюз (БНП) Свободный профсоюз металлистов (СПМ)
Свободный профсоюз Белорусский (СПБ) Белорусский профсоюз работников радиоэлектронной промышленности (РЭП)
>БКДП-ЧЛЕН МЕЖДУНАРОДНОЙ КОНФЕДЕРАЦИИ ПРОФСОЮЗОВ (МКП)

БКДП-ЧЛЕН МЕЖДУНАРОДНОЙ КОНФЕДЕРАЦИИ ПРОФСОЮЗОВ (МКП)
   


ЭРОЗІЯ СІСТЭМЫ ПРАЦОЎНЫХ АДНОСІНАЎ



Летась, калі насельніцтва Беларусі сутыкнулася з пагаршэннем матэрыяльнага дабрабыту, эксперты і палітыкі чакалі, што гэта справакуе на актыўныя дзеянні рабочых. Але лакальныя канфлікты ў працоўных калектывах пачалі з’яўляцца напрыканцы 2011-га ды сёлета. Калі і з якой нагоды рабочыя пайшлі ў незалежныя прафсаюзы, і як доўга будзе цягнуцца «агонія» рэжыму? Гэтыя тэмы абмяркоўвалі карэспандэнты газеты «Новы час» Аляксей Кароль і Вольга Хвоін з лідарам асацыяцыі прафсаюзаў «Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў» Аляксандрам ЯРАШУКОМ.


Аляксандр Ярашук: Наша арганізацыя прадстаўленая на дзясятках прадпрыемстваў, таму мы добра ведаем, чым жывуць рабочыя. І мы бачылі, што летась не было такога градусу пратэсту, сацыяльнай напружанасці, якія маглі б трансфармавацца ў акцыі пратэсту. Я б хацеў тут заступіцца за беларусаў і нашых рабочых. Сфармавалася меркаванне пра абыякавасць, недзеяздольнасць і гэтак далей. Але ўсё тлумачыцца эканомікай. Так, заробак тады скараціўся ў 2,5 разы, але ўзровень жыцця так імгненна не ўпаў. Цэны стрымліваліся ўрадам, на руках у людзей былі валютныя зберажэнні. Але з часам цэны, натуральна, давялося адпусціць, і ранейшы ўзровень заробкаў перастаў забяспечваць элементарныя патрэбы. Эканамічнае становішча ў краіне кардынальна адрозніваецца ад таго, што мы мелі да 2010 года. І ў кіраўніцтва Беларусі няма ніводнага шанцу развярнуць усё ў зваротны бок. Асабліва на фоне ў разы вышэйшых заробкаў у Расіі, з якой у нас агульная эканамічная прастора. Гэта моцна ўдарыла па іміджу ўлады, бо беларускую мадэль доўгі час прыводзілі ў прыклад як паспяховую. Я на днях размаўляў з нашым прадстаўніком Лукомльскай ГРЭС, ён распавёў, што рабочыя станцыі масава звальняюцца і едуць працаваць у Расію, дзе ім прапануюць мінімум у пяць разоў большы заробак. І гэта тычыцца многіх рабочых спецыяльнасцяў — едуць будаўнікі, кіроўцы, рабочыя, інжынеры. Адзначу, едуць прафесіяналы, найбольш актыўныя людзі. У камандна-адміністратыўнай сістэме без эканамічнай лібералізацыі, без мадэрнізацыі мы не маем шанцу стварыць канкурэнтаздольную сістэму.

Аляксей Кароль: Вы маеце інфармацыю, які працэнт беларусаў цяпер зарабляе сабе на жыццё па-за межамі краіны?

А. Я.:
Сцвярджаюць, што ў краіне 0,6% беспрацоўных, але гэта мана. І сапраўднай лічбы мы не ведаем, як і колькасці тых, хто з’ехаў у працоўную міграцыю. Мяркую, што сапраўдная лічба беспрацоўных у межах 7–10%. Куды аднесці тых, хто з’ехаў? Відаць, таксама можна было б іх запісаць у лік беспрацоўных тут. Колькасць тых, хто з’ехаў з Беларусі, ацэньваюць па-рознаму: ад 300 тысяч да мільёна чалавек. Найбольш людзей хіба што з’язджае ў Расію, бо няма межаў, моўнага бар’еру, ментальных перашкодаў.

Вольга Хвоін: Ці ёсць нейкія выразныя тэндэнцыі ва ўзаемаадносінах «рабочы — наймальнік»?


А. Я.:
Цяпер назіраецца эрозія сістэмы працоўных адносінаў. Гэты працэс набірае дынаміку — людзі не вераць уладзе, Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, якая не выконвае сваіх асноўных функцый па абароне правоў рабочых. І кропкава гэта выліваецца ў сітуацыі, як на «Граніце», дзе людзі масава напісалі заявы на сыход з ФПБ ды заснавалі суполку незалежнага прафсаюзу. І я вам скажу, што лідары незалежнага прафсаюзнага руху маглі б дамагчыся, каб усе рабочыя прадпрыемства — а гэта больш за тры тысячы чалавек! — выйшлі з афіцыйнага прафсаюзу. Але, можа, яны і правільна не пайшлі на такі крок, каб не падвесці столькі людзей пад рэпрэсіі.

Два тыдні таму ў Полацку на вінзаводзе каля двухсот работнікаў заявілі, што выходзяць з ФПБ, каб перайсці ў незалежны прафсаюз, — 37 чалавек напісалі нам адпаведныя заявы. Двух завадатараў адміністрацыя звольніла. Гэта людзі, якія спантанна выйшлі на нашу суполку на прадпрыемстве «Полацк — Шкловалакно». Я не падводжу да таго, што заўтра мы пабачым масавы рух працоўных. Мы маем справу з моцным аўтарытарным рэжымам, але гэты рэжым цягам столькіх гадоў не змог справіцца са сваім галоўным ворагам — эканомікай. І таму я з’яўляюся аптымістам, калі разважаць пра магчымасць беларусаў уплываць на сваю будучыню.


В.Х.: Нядаўна адбыўся санкцыянаваны пікет Беларускага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП). Разам з тым міліцыя затрымала на вуліцы мастакоў з рознакаляровымі кубікамі. Дзе логіка паводзінаў улады?


А. Я:
Улады дазволілі пікеты, бо ў лістападзе будзе чарговае пасяджэнне адміністрацыйнай рады Міжнароднай арганізацыі працы (МАП). І прадстаўнікі Беларусі будуць вымушаныя рабіць справаздачу, але ў іх няма нічога пазітыўнага ў партфелі, суцэльны негатыў — канфлікты з працоўнымі на «Граніце», «Нафтане»... У свой час менавіта з пазіцыі МАП Еўрасаюз адклікаў гандлёвыя прэферэнцыі для Беларусі. Цяпер будзе хоць адзін пазітыўны факт, які можна агучыць на пасяджэнні, — дазволілі пікет. Усе апошнія гады наш урад хоча пераканаць МАП, што ў Беларусі ёсць прагрэс у дачыненнях працадаўцаў і рабочых. Таксама вы ж бачыце, што адбываецца чарговы этап разгойдвання геапалітычных арэляў. Проста неабходныя хоць якія станоўчыя прыклады ўзаемадачыненняў з прафсаюзамі.


В. Х.: Цягам апошніх гадоў у крызісны перыяд, паводле логікі, колькасць вашых прыхільнікаў мусіла істотна павялічыцца. Ці паболела сябраў у незалежных прафсаюзах?

А. Я.:
Мусім быць рэалістамі. Я штогод падчас канферэнцыі МАП нагадваю: беларускія прафсаюзы, як і грамадскія аб’яднанні, палітычныя партыі, знаходзяцца ў рэзервацыі. Яшчэ ў 1999 годзе была ўведзена дазваляльная сістэма рэгістрацыі прафсаюзаў. І за гэты час мы ніводнай суполкі не змаглі легалізаваць. Таму вельмі важна, што за апошнія шэсць-сем гадоў не зменшылася колькасць нашых сябраў. Тым больш, шырока вядома пра магчымасць уплыву на рабочых праз кароткатэрміновыя кантракты. Атрымліваецца так, што адны ад нас сыходзяць, іншыя — прыходзяць. А незалежны прафсаюз гарнякоў цягам апошніх гадоў павялічыў колькасць сябраў на траціну. Толькі ў апошнія месяцы да нас прыйшло некалькі соцень людзей, але з-за ціску адміністрацый прадпрыемстваў, бадай, столькі ж сышло з незалежных прафсаюзаў.

В. Х.: Вас не расчараваў прафсаюзны рух на прадпрыемстве «Граніт»? Ад ініцыятывы гэтых людзей чакалі моцнай, рашучай хвалі салідарнасці ў рабочых калектывах.


А. Я.:
«Граніт» не пацярпеў паразу. На наш погляд, той факт, што яны дагэтуль спрабуюць зліквідаваць суполку незалежнага прафсаюзу, сведчыць акурат пра перамогу ў пэўным сэнсе. Дзякуючы намаганням незалежнага прафсаюза некалькі месяцаў таму на «Граніце» падвысілі заробкі рабочым, цяпер вось спрабуюць адкруціць назад. Агулам сітуацыя з аплатаю працы на «Граніце» парадаксальная — гэта другое па велічыні прадпрыемства такога профілю ў Еўропе, фактычна манапаліст, але атрымліваецца, што годны заробак там плаціць не здольныя. Важна, што асобы, якія ўзначалілі гэты рух, маюць добрую адукацыю, кампетэнтнасць і аўтарытэт у вачах мясцовых людзей, чаго не скажаш пра мясцовыя ўлады. Да слова, першапачаткова нагодаю канфлікту сталася хамскае стаўленне кіраўніцтва прадпрыемства да рабочых, а не заробкі. Мы бачым адпаведны ўзор паводзінаў у вышэйшым кіраўніцтве краіны. І вось цалкам гэтыя сітуацыі ілюструюць агонію беларускага рэжыму. Думаю, 2015 год проста так не міне.

В.Х.: Але нядаўна ўладальнік «Дарыды» Дзялендзік намякнуў у інтэрв’ю, што калі ўлада і зменіцца ў Беларусі, то не палітычным шляхам. Вы падзяляеце меркаванне, што беларускі народ не ўплывае на такія глабальныя працэсы ў дзяржаве?


А. Я.:
Мне б не хацелася, каб у Беларусі ўсё вырашалася праз рэвалюцыйную сітуацыю. Многае залежыць ад паводзінаў Расіі ў дачыненні да Беларусі, наколькі яна будзе гатовая падстаўляць сваё плячо. Хто прыйдзе на змену? Велізарная рэдкасць, калі недэмакратычныя рэжымы саступалі месца прасунутай дэмакратыі. Магчымы і варыянт, калі мы атрымаем наступствы яшчэ больш цяжкія, чым маем цяпер. Я мяркую, што нам цяпер трэба найперш думаць пра тое, што будзе потым. Як адчыніць дзверы для Беларусі ў якасна іншы свет, іншы стан. Але пра выбары разважаць усур’ёз на тле апошніх парламенцкіх было б наіўна, бо выбараў даўно няма. І я б не выключаў таго, што на сітуацыю можа нечакана паўплываць наменклатура. Вось літаральна на днях размаўляў з дасведчаным чалавекам пра стан нашага аграпрамысловага комплексу — няма ні капейкі ў саўгасаў. У такой сітуацыі фактар наменклатуры можа адыграць сваю ролю. Зразумела, што праз ману на кожным кроку Расія стамілася ад Лукашэнкі, які хай сабе і лаяльны...

А. К.: Ці супрацоўнічаеце з палітычнымі структурамі?


А. Я.:
Мы перажывалі розныя перыяды. Быў час сур’ёзнай палітызаванасці незалежных прафсаюзаў, але гэта не зусім правільна, бо прафсаюзы ўсё ж — не палітычная структура. Калі ж мы захапляемся палітычнай дзейнасцю, то губляем канкурэнтаздольнасць на сваім прафсаюзным полі. І той факт, што мы змаглі адмовіцца ад залішняй палітызаванасці, прывёў да паляпшэння якасці нашай працы. Да слова, улады спрабуюць нас падвесці пад палітычную дзейнасць, у такім выпадку мы б пачуваліся, што карова на лёдзе, і былі б больш уразлівымі. Таму стратэгія такая: мы зацікаўленыя, каб нашы сябры ўдзельнічалі ў жыцці самых розных партый. У нас былі выпадкі, калі з прапановамі заключыць дамову аб супрацоўніцтве прыходзілі розныя палітыкі. Але Рада на падобныя ідэі адказвала: ці з усімі, ці ні з кім.

А. К.: Як на гэтых выбарах дзейнічаў рабочы клас?


А. Я.:
Ніяк. Нашы арганізацыі найперш прадстаўленыя на прадпрыемствах нафтахімічнага комплексу, таму нам вядома, што было абыякавае стаўленне. Мы сыходзілі з таго, што выбараў у Беларусі даўно няма. Таму ўдзел у гэтым дазваляе ўладзе легалізавацца, а байкот меў на ўвазе, што выбары быццам бы ёсць. З’яўляецца прадмет дыскусіі: былі выбары ці не? Мая прынцыповая пазіцыя: у цяперашніх умовах нельга нават весці размоў пра выбары. Значная частка нашага актыву салідарная з гэтай думкай. Таму мы нават маніторынгам не займаліся.

А. К.: Ці ёсць у вас кантакты з афіцыйнымі прафсаюзамі?


А. Я.:
Мы размяжоўваем Федэрацыю прафсаюзаў Беларусі і яе кіраўніцтва. Думаю, вы пагодзіцеся са мною, што так не бывае: Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі да 15 ліпеня 2002 года была прагрэсіўнай, а пасля прызначэння яе кіраўніком Козіка стала кансерватыўнай, рэакцыйнай арганізацыяй. Людзі ж засталіся тыя самыя! І я перакананы, што ўнутры ФПБ ёсць нямала прагрэсіўных людзей, якія спрабуюць рабіць нешта карыснае для іншых. У кіраўніцтве ж федэрацыі мы акурат бачым асобаў, што выконваюць ролю абароны дзяржавы ад працоўных, а мусіць быць наадварот.




15.10.2012




   |   версия для печати


ТОП НОВОСТИ

   Все новости »


Б Л О Г
АЛЕКСАНДРА
ЯРОШУКА
Личное мнение профсоюзного лидера
Читать блог »
Блог Александра Ярошука


Всемирный день борьбы за достойный труд









Белорусский независимый профсоюз (БНП)
Свободный профсоюз - Полоцк
Свободный профсоюз металлистов
Белорусский профсоюз работников радиоэлектронной промышленности (РЭП)
Mojazarplata.by








Белорусский независимый профсоюз (БНП) Белорусский независимый профсоюз (БНП) Свободный профсоюз металлистов (СПМ) Свободный профсоюз металлистов (СПМ) Белорусский профсоюз работников радиоэлектронной промышленности (РЭП) Белорусский профсоюз работников радиоэлектронной промышленности (РЭП) Свободный профсоюз Белорусский (СПБ) Свободный профсоюз Белорусский (СПБ)




Главная  |  Визитная карточка БКДП  |  Архив новостей  |  Фотоархив   |    Контакты

Все права защищены. При перепечатке материалов, активная ссылка на сайт обязательна.
© 2002-2020 | Ассоциация профсоюзов «Белорусский конгресс демократических профсоюзов» (АП БКДП) | bkdp.org
  Республика Беларусь, г.Минск,
ул.Серафимовича, 11, ком. 405а
E-mail:
Т.ф. +375 (17) 318-31-99

CMS Status-X