Всё о личных финансах и инвестициях

:


http://www.bkdp.org/news/1/765/adk-l-al-k-and-a-a-ka-dak-a-am-a-obn-bela-k-v-dann-s/

Версия для печати / Оригинальная версия






АДКРЫТЫ ЛІСТ АЛЯКСАНДРА ЯРАШУКА РЭДАКТАРАМ АСОБНЫХ БЕЛАРУСКІХ ВЫДАННЯЎ



Аляксандр Ярашук адрэагаваў адкрытым лістом на заяву группы рэдактараў асобных беларускіх выданняў. Ніжэй размешчаны тэкст адкрытага ліста, а таксама тэкст заявы.


АДКРЫТЫ ЛІСТ

1. Галоўнаму рэдактару газеты «СНплюс. Свободные новости плюс» Васілю Зданюку

2. Галоўнаму рэдактару газеты «Новы час» Аляксею Каралю

3. Дырэктару інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Алесю Ліпаю

4. Старшыні ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» Жанне Літвіной

5. Галоўнаму рэдактару газеты «Наша Ніва» Андрэю Скурко

6. Галоўнаму рэдактару «Еўрапейскага радыё для Беларусі» Юліі Слуцкай

7. Галоўнаму рэдактару газеты «Народная воля» Іосіфу Сярэдзічу

8. Галоўнаму рэдактару газеты «Белорусы и рынок» Вячаславу Хадасоўскаму

9.Старшыні сходу сябраў Асацыяцыі выдаўцоў рэгіянальнай прэсы «Аб’яднаныя МасМедыі» Уладзіміру Янукевічу

Спадары рэдактары!

Хацелася па звычцы напісаць “паважаныя”, але даруйце, якія вы “паважаныя” пасля здейсненай 19 ліпеня заявы “Журналісцкая супольнасць бароніць “Салідарнасць” ад Ярашука” www.nn.by/index.php?c=ar&i=41189 , ў якой абвінавацілі мяне ў пасяганні на свабоду слова на Беларусі? Якія вы “паважаныя”, калі так лёгка далі сябе ўцягнуць ў непрыхаваную правакацыю? Якія вы “паважаныя”, калі выносіце прысуд без аніякіх доказаў?

Што замінала вам навесці даведкі на тое, што адбылося? Можа, наадварот, прышлося б тады прымаць заяву аб абароне Ярашука ад правакацый “Салідарнасці” і яе хаўруснікаў? Напэўна, кожны з вас спытаў бы свайго супрацоўніка у аналагічнай сітуацыі, а ці апытаў ён абодва бакі аб здарэнні? І калі адказ быў бы адмоўны, то той, самае меншае, выслухаў бы прэтэнзіі ў непрафесіяналізме.

З другога боку, на маёй памяці такога не было ніколі, каб, па сутнасці, ўвесь кіруючы журналісцкі бамонд выступіў з агульнай заявай. А за апошнія гады чаго толькі не адбывалася з незалежнай журналістыкай. Што здарылася, спадарства? Можа, каго-небудзь з журналістаў скатавалі ці забілі? Не, ўсё аказалася значна горш: Ярашук аднаасобна(!) не пусціў супрацоўніка “Салідарнасці” на паседжанне Рады БКДП! Жах, гвалт, як кажа наш прэзідэнт! І калі, учора? Не, яшчэ 1 чэрвеня (?!) Фантасмагорыя нейкая. Вам самім не смешна, панове? Няўжо спякота так паўплывала?

А наогул, у тым, што здарылася ёсць свая глыбокая сімволіка. Не ведаю, хто вас збіраў да кучы, але падаецца мне, што тут без боскай рукі не абышлося. Як калісьці збіраў ён грэшнікаў на карабель, каб пакараць, так і ў гэтым выпадку сабраў вас, каб паказаць чалавечую і прафесійную нікчэмнасць, драбнату і глупства. Па-мойму, атрымалася у вас ўдарыцца тварам аб глебу лепш не прыдумаеш. І гэта не толькі маё меркаванне. Пачытайце хаця б выказванні на форумах сваіх выданняў, калі вас яшчэ хвалюе ваша рэпутацыя. Калі ўжо не, то не чытайце.

Які наогул быў сэнс амаль праз два месяцы раптам рабіць заяву? Дзе тут якая логіка? Толькі ў тым, каб скарыстацца высасанай з пальца праблемай, каб правесці атаку на магчымага патэнцыйнага кандыдата ў прэзідэнты? Каб, не прывядзі Божа, яшчэ адзіным абралі? Менавіта, так.

Маўляў, людцы добрыя, ці ведаеце вы, што, акрамя ўсім добра вядомага ворага незалежных сродкаў масавай інфармацыі на Беларусі – Лукашэнкі, з’явіўся яшчэ адзін, не менш небяспечны - Ярашук! Адзін пры ўладзе, а другі ірвецца да яе. Жах, што будзе, калі раптам прарвецца: задушыць канчаткова свабоду слова ў роднай краіне!

Горш за тое – здасць незалежнасць сінявокай Беларусі суседскай Расійскай імперыі! Не выпадковы і здымак: з кім разам Ярашук? Ну канешне, з Сініцыным, які ўжо даўно аб’явіў аб сваіх марах завесці Беларусь ў склад Расіі. Звярніце таксама ўвагу, што трымае ў руцэ гэты дзеяч Ярашук? Выпіўку! Намёк зразумелі, хто перад вамі?

Калі б заказ быў другім – паказаць, што няма ў краіне больш годнага, чым Ярашук, кандыдата ў прэзідэнты, лепшага змагара за незалежнасць Бацькаўшчыны і свабоду слова, якім быў бы здымак? Правільна, як Ярашук выходзіць з Акрэсціна, з турэмнымі рэчамі ў руцэ, дзе ён адседзеў сваё менавіта за артыкул ў адным з вашых выданняў. Дарэчы, выпадак беспрэцэдэнтны ў гісторыі сучаснай Беларусі, калі чалавека пасадзілі за напісанае. Заўважце, не журналіста.

Такім чынам, вы ёсць тое, што ёсць, а не тое, за што сябе выдаеце. Гэта якраз пра вас сказана агульнавядомае аб прадстаўніках другой пасля прастытуцыі старажытнай прафесіі.

Ў сувязі з гэтым хацелася б перасцерагчы вас ад аб’яўлення сябе так амбіцыйна – журналісцкая супольнасць. Якая вы супольнасць? Калі б вы былі супольнасцю, то вам былі ўласцівы такія прафесійныя і чалавечыя якасці як высокая годнасць, адказнасць за свае дзеянні і ўчынкі, журналісцкая этыка, прафесіяналізм. Маглі б вы ў такім выпадку дазволіць абвінавачваць чалавека без ўсялякіх доказаў, абражаць праз маніпуляцыі з фота? Відавочна, не.

Тады хто вы? Адказ просты: вы – звычайная тусоўка. А ў тусоўцы сэнсам існавання ёсць інтрыгі, правакацыі, плёткі, заангажаванасць і неаб’ектыўнасць. У дэмакратычным асяроддзі Беларусі гэтая з’ява, як ракавая пухліна, разраслася да небяспечных памераў. Вы – класічны прыклад гэтай хваробы, яе носьбіт.

Заплаціў хтосьці, каб “замачылі” Ярашука – з’явілася асуджальная заява і яго фота з Сініцыным. Заплаціў бы Ярашук – з’явілася б заява ў яго падтрымку і фота падчас выхаду з Акрэсціна. Вось і ўся цана вашай “журналісцкай салідарнасці”, панове, ад якой становіцца агідна і брыдка.

Агідна і брыдка глядзець, як барацьбу з рэжымам многія з вас ператварылі у камфортны і прыбытковы занятак, дзе першаснае – прыпасць да соскі, займець гранты, донараў, спонсараў. Але за ўсё ў гэтым жыцці трэба расплачвацца. Правілы тусоўкі , якія вы для сабе зрабілі нормай існавання, не маглі не прывесці да няўхільнай дэградацыі як маралі, так і прафесійнага узроўню незалежнай журналістыкі.

Чаму такія малыя наклады вашых выданняў? Прасцей за ўсё спісаць гэта на ціск і перашкоды з боку рэжыму. А ці не менш вінаватыя ў гэтым вы самі? Як на маё меркаванне, то самым непасрэдным чынам. Выданні ўсё больш жаўцеюць, з іх знікае рэальнае жыццё з рэальнымі праблемамі рэальных людзей. Драбната мэтаў і асоб у журналістыцы непазбежна вядзе да драбнаты тэм і іх адлюстравання. Простыя людзі, шэраговыя беларусы і вы існуеце ў настолькі розных сістэмах каардынат, што яны вас і не разумеюць, і не прымаюць. Баюся, што не прымуць ніколі.

Гадоў дзесяць назад я перастаў чытаць афіційныя беларускія выданні. Прычына простая – нецікава ўжываць прадукт, дзе мана і хлусня, гламур замянілі рэальнае жыццё. Гады чатыры таму адно за адным з рабочага стала пачалі знікаць незалежныя выданні. І тут ўсё банальна – не можа быць цікавым тое, што робіцца непрафесійна, выходзіць з-пад пяра неаб’ектыўных, ангажаваных журналістаў. Якія да таго ж ўзялі сабе за правіла размаўляць з чытачом зневажальным, ментарскім тонам. Цяпер чытаю толькі асобныя матэрыялы асобных аўтараў, якія не дазваляюць апускаць планку свайго прафесійнага ўзроўню. Дакладна ведаю, што не адзін я такі ў краіне.

Што вас чакае ў такім выпадку? Рана ці позна ў краіне наступяць дэмакратычныя перамены, знікне рэжым, які апраўдваў ваша існаванне і дазваляў паразітаваць на ім. І выявіцца банальная ваша неканкурэнтаздольнасць, і як следства – банкруцтва. І прафесійнае, і эканамічнае, і палітычнае.

Успамінаю, як гадоў пяць таму назад да нас, ў Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў, звярнулася група незалежных журналістаў з просьбай дапамагчы стварыць ў БАЖы свой прафсаюз. Ці трэба гаварыць, наколькі важнай для іх было займець ў жорсткіх аўтарытарных умовах палітычнай сістэмы Беларусі дзейсны і эфектыўны інструмент абароны сваіх правоў. Дарэчы, суседзі нашы, напрыклад, ў той жа Украіне, дзе ўмовы для дзейнасці журналістаў непараўнальна лепшыя, такі прафсаюз маюць.

Стварылі вы той прафсаюз ў БАЖы ці хоць ў адной з рэдакцый незалежных выданняў? Разбегліся хутчэй: не хапала турбот узяць на сябе канкрэтную адказнасць за лёс кожнага з тысячы незалежных журналістаў. А навошта яны вам, тыя канкрэтныя адказнасць і клопат? Куды лепей клапаціцца аб журналістах абстрактна.

Яно для вас трэба - кантроль і справаздача перад шэраговымі супрацоўнікамі, якія нясе з сабою стварэнне прафсаюза, асабліва па такому далікатнаму пытанню як паступленне і размеркаванне грошай? Яно для вас трэба – жыць не па паняццях, а па закону, не ва ўмовах непразрыстых закрытых адносінаў, з самым заганным падчас стаўленнем да супрацоўнікаў, а ва ўмовах дэмакратычнай арганізацыі?

Ці то не цынізм, крычаць аб дэмакратыі на кожным кроку і прапагандаваць яе для другіх, а сабе рабіць выключэнне? Ці то нармальна для журналістаў - ператварыцца ў своеасаблівую касту недатыкальных, глядзець на ўсіх звысоку, беспадстаўна надзяліць сябе выключным правам судзіць, безапеляцыйна хаміць? Маўляў, суровы час барацьбы з рэжымам ўсё спіша.

Можа, і спіша, але далёка не ўсё. Нікуды не дзецца вам ад адказнасці за ператварэнне палітычнага працэса ў апазіцыі ў тусоўку, палітычны бізнес. А ідэалогія тусоўкі, палітычнага бізнесу яшчэ ніколі і нікога не прывялі да перамогі. У выніку ў тым ліку і дзякуючы вам апазіцыя страціла галоўнае – ідэйнасць, сваю маральную перавагу над рэжымам, што абумовіла непазбежнасць яе гістарычнага паражэння.

Рана ці позна прыдзецца і вам трымаць адказ за дэградацыю і маргіналізацыю апазіцыіі, да якой вы таксама прыклалі руку. Рана ці позна спытаюць за правакаванне шматлікіх канфліктаў і расколаў ў палітычных і грамадскіх арганізацыях, якім вы таксама актыўна спрыялі.

Падобна, што засвярбелі рукі заняцца цяпер расколам незалежнага прафсаюзнага руху. Ну што ж, паспрабуйце. Але папярэджваю вас: каб не прышлося потым шкадаваць. Дзякуй Богу, яшчэ не ўсё на Беларусі прадаецца і купляецца. І калі раптам у вашыя кабінеты завітаюць, да прыкладу, шахцёры з Салігорску і ўшчувальна дадуць па засвярбелых руках, каб было потым без крыўд. Напомню Пьера Огюстэна Бамаршэ: “Інтрыга непазбежна губіць таго, хто яе распачаў”.

Не жартую, бо добра ведаю гэтых людзей, эліту рабочага класа краіны. І па-сапраўднаму цаню і ганаруся іх высокім да сябе даверам. Які для мяне непараўнальна больш важны, чым ўдзел ў вашых апазіцыйных тусоўках. Давер, які ні за якія грошы і прыгожыя словы не купіш.

Амаль двадцаць гадоў таму яны стваралі незалежны прафсаюзны рух не для таго, каб асобныя прайдзісветы ператваралі яго ў палітычны бізнес, нажываліся на гэтай высокароднай справе. Для многіх з іх ідэя – гэта святое, апошні рубеж, які яны абараняюць і ні за якія грошы, падачкі і спакусы не здадуць. Вы з вашымі заказчыкамі на гэтае святое замахнуліся. Ну што ж, лічыце, што выклік прыняты.

Непазбежныя перамены ў краіне змятуць сённяшнюю ўладу, якая поўнасцю выпрацавала свой рэсурс і вядзе Беларусь у гістарычны тупік. Відавочна, што яны адправяць ў небыццё і маргілізаваную апазіцыю, якая не справілася са сваёй гістарычнай місіяй і не змагла прад’явіць грамадству паўнавартаснай альтэрнатывы палітычнага і эканамічнага развіцця краіны. Больш за тое, частка яе сёння фактычна самкнулася з ўладай.

Тое ж самае чакае і вас, як неад’емную частку маргілізаванай апазіцыіі. Гісторыя - рэч аб’ектыўная і справядліва ставіцца да тых, хто прыстасоўваецца, імітуе дзейнасць і не здольны рэагаваць на выклікі часу. Відавочна, што народу самому трэба будзе шукаць шляхі свайго вызвалення, формы самаарганізацыі. І гэты працэс ужо фактычна пачаўся.

А пакуль, па прыкладу прафесара Прэабражэнскага, параіў бы ўсім – не чытайце сённяшніх незалежных беларускіх газет. Бо, чым далей, тым болей, як пацвярджаюць такія правакацыі, яны становяцца незалежнымі толькі ад аднаго - ад праўды і ісціны.

А як тады вырашаць пытанне духоўнага харчавання, спытаецеся вы, паважаныя грамадзяне? Ну што ж, у гэтым выпадку прыслухаемся да Амара Хайяма: “Уж лучше голодать, чем что попало есть…” Лячэбнае галаданне яшчэ ніколі і нікому шкоды не нарабіла, асабліва калі размова ідзе пра ачыстку галавы. Тым болей, што яно будзе нядоўгім. Вецер перамен ўжо вее над Беларуссю.

І напаследак. За апошні час гэта далёка не першая здзейсненая супраць мяне правакацыя ў незалежных выданнях. Я на іх не рэагаваў. Але менавіта сёння вырашыў даць вычарпальны адказ, бо адмаўчацца было б няправільна. Па-мойму, ён расставіў ўсе кропкі над “і”. Адразу папярэджваю, каб не ўзнікала шкодных ілюзіяў: ў далейшым ні з кім з вас ні ў якую палеміку ўступаць не збіраюся. Мне не цікавы ні вашыя дзеянні, ні вашыя меркаванні, ні вы самі.

На гэтым, з глыбокай непавагай да вас,

Аляксандр Ярашук, старшыня Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў

ТЭКСТ ЗАЯВЫ

«Традыцыйна напярэдадні выбараў узмацняецца ціск з боку ўлады на незалежныя сродкі масавай інфармацыі. У гэтых умовах недзяржаўным грамадска-палітычным СМІ асабліва патрэбныя не толькі салідарнасць і спрыянне з боку грамадскіх арганізацый, палітычных партый ды іншых структураў дэмакратычнай супольнасці, а і наогул стратэгія ўзаемадзеяння.

У звязку з гэтым мы выказваем сваю занепакоенасць з нагоды таго, што асобныя прафсаюзныя функцыянеры спрабуюць паставіць пад кантроль дзейнасць незалежнага інтэрнэт-выдання „Салідарнасць“. Прынцыповая пазіцыя гэтага сайту ў дачыненні да некаторых негатыўных момантаў у беларускім прафсаюзным руху прывяла да таго, што супраць рэдакцыі былі высунутыя недарэчныя і беспадстаўныя абвінавачванні.

Адносіны да свабоды слова вызначаюць узровень дэмакратычнасці поглядаў саміх палітыкаў. Асаблівае шкадаванне выклікае інцыдэнт, які адбыўся 1 чэрвеня. Старшыня Беларускага Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук аднаасобна забараніў журналісту „Салідарнасці“ Алене Якжык прысутнічаць на паседжанні Рады БКДП.

Гэты крок ніяк не стасуецца ні з дэмакратычнымі стандартамі, ні з заявамі самога Аляксандра Ярашука, які ў адным са сваіх нядаўніх інтэрв’ю сцвярджаў: „Будет очень непростой год. Мне кажется, это будет момент истины и для всего демократического сообщества. Проверка на то, как оно относится к солидарности с независимыми средствами массовой информации… Если не будем защищать независимые СМИ, которые и так немногочисленны, то не стоит размышлять и об участии в политических кампаниях“.

Сапраўды, гэта так. Таму мы заклікаем спыніць атакі на „Салідарнасць“ і спадзяемся, што ў сваёй далейшай дзейнасці Аляксандр Ярашук і яго прыхільнікі будуць з павагай ставіцца да свабоды слова і друку, а таксама да права на бесперашкоднае атрыманне і распаўсюджванне інфармацыі».

Заяву падпісалі:

1. Галоўны рэдактар газеты «СНплюс. Свободные новости плюс» Васіль Зданюк
2. Галоўны рэдактар газеты «Новы час» Аляксей Кароль
3. Дырэктар інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Алесь Ліпай
4. Старшыня ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» Жанна Літвіна
5. Галоўны рэдактар газеты «Наша Ніва» Андрэй Скурко
6. Галоўны рэдактар «Еўрапейскага радыё для Беларусі» Юлія Слуцкая
7. Галоўны рэдактар газеты «Народная воля» Іосіф Сярэдзіч
8. Галоўны рэдактар газеты «Белорусы и рынок» Вячаслаў Хадасоўскі
9. Старшыня сходу сябраў Асацыяцыі выдаўцоў рэгіянальнай прэсы «Аб’яднаныя МасМедыі» Уладзімір Янукевіч





Все права защищены. При перепечатке материалов, активная ссылка на сайт обязательна.
© 2002-2013 | Ассоциация профсоюзов «Белорусский конгресс демократических профсоюзов» (АП БКДП) | www.bkdp.org
  220095, Республика Беларусь, г.Минск,
ул.Якубова, 80-80, офис.2,
E-mail: bcdtu@mail.ru
Т.ф. +375 (17)2148905 (06)

 

SEO: CMS Status-X